Міністэрства замежных справаў адмоўчваецца

 (2008 04 14)


Эўрадэпутаты не падпісваюцца пад дэклярацыяй аб танных візах для грамадзян Беларусі. У МЗС камэнтаваць гэтую сытуацыю не пажадалі.

“Якія матывы прыводзяць эўрадэпутаты — гэта іх справы. Мне няма чаго дадаць да таго, што мы казалі раней. Усё, што мы казалі раней, усе нашы прапановы застаюцца ў сіле”, — сказаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў.

У лютым прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў заявіў, што ініцыятыва групы дэпутатаў-сацыялістаў Эўрапарлямэнту адносна зьніжэньня кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі — гэта “крок у правільным кірунку”.

Паводле ягоных тагачасных словаў, “нават эўрапейскія палітыкі, якіх нельга западозрыць у занадта ляяльным стаўленьні да афіцыйнага Менску, добра разумеюць, што візавы рэжым у Эўропе не павінен перашкаджаць разьвіцьцю міжчалавечых кантактаў і эканамічных сувязяў”.

ЭЎРАДЭПУТАТЫ СКЕПТЫЧНА ЎСПРЫНЯЛІ ІНІЦЫЯТЫВУ САЦЫЯЛІСТАЎ

Зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў магло б успрыняцца як ухваленьне ўраду Беларусі, які падвысіў кошт сваіх візаў для грамадзян Эўразьвязу.

Такую думку выказаў “Свабодзе” дэпутат Эўрапарлямэнту з групы Эўрапейскай народнай партыі Вітаўтас Ландзбергіс. Пры гэтым ён ня змог згадаць, ці падпісваў ён сам дэклярацыю аб неабходнасьці памяншэньня кошту віз для беларусаў, якую распрацавалі дэпутаты-сацыялісты. Тым ня меней да самой іх ініцыятывы ён паставіўся скептычна:

“Гэтая зьява крыху з галіны піяру, тым больш у кантэксьце таго, што Лукашэнка вельмі падвысіў кошт візаў у Беларусь. Фактычна ён не зацікаўлены ў гэтым і робіць учынкі, што зьяўляюцца выклікам... На першы погляд: чаму б не, давайце, канешне, зьнізім, але гэта ня будзе зроблена. Сацыялісты хацелі сябе добра паказаць, ведаючы, што з гэтага нічога ня будзе”.

На думку спадара Ландзбергіса, нават калі былі б сабраныя неабходныя подпісы для дэклярацыі Эўрапарлямэнту, рашэньне будуць прымаць іншыя органы Эўразьвязу.

Зь іншага боку, спадар Ландзбергіс зазначыў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Эўрапарлямэнту.

ШЭНГЕНСКІЯ ВІЗЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ НЕ ПАТАНЬНЕЮЦЬ?

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў, эўрапейскі дэпутат Юстас Палецкіс зь Літвы заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ўжо няма шанцаў сабраць неабходную колькасьць подпісаў:

“Я думаю, што гэтыя падзеі, якія адбыліся ў Менску ў сувязі са сьвяткаваньнем 90-годзьдзя незалежнасьці Беларусі, і пэўныя захады ўладаў паўплывалі на некаторых парлямэнтароў, і яны ня хочуць ставіць подпісы. Ясна, што палову подпісаў ня ўдасца сабраць”.

Падпісаліся пакуль толькі 150 дэпутатаў, а трэба ня меней за 393. Праз тыдзень у Страсбуры адкрыецца чатырохдзённая пленарная сэсія Эўрапарлямэнту, што дало б магчымасьць сабраць яшчэ колькі подпісаў. Аднак спадар Палецкіс глядзіць на гэта пэсымістычна:

“Думалі разгарнуць такую вельмі вялікую кампанію і ў апошні тыдзень сабраць 100—150 подпісаў.Але адчуваецца, што гэтага ня будзе дастаткова, і, відаць, мы гэтага ня будзем рабіць”.

Ініцыявалі збор подпісаў трое эўрадэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі. Як мяркуе спадар Палецкіс, памылка была і ў тым, што сярод ініцыятараў гэтай акцыі не было сяброў іншых фракцый. Аднак, паводле спадара Палецкіса, гэта часовая няўдача. Бо ўсё ж удалося прыцягнуць да візавага пытаньня ўвагу парлямэнту і асабліва дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю.

Паводле спадара Палецкіса, кіраўнік дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасэвіч пабываў у Вільні, Рызе і Варшаве, дзе правёў перамовы зь міністрамі ўнутраных і замежных справаў. Гаворка ішла пра тое, як агульнымі намаганьнямі, выкарыстоўваючы рычагі Эўрапарлямэнту, паменшыць кошты візаў для беларускіх грамадзянаў для паездак у краіны Шэнгену і асабліва ў суседнія краіны:

“Я не сумняюся, што бліжэйшым часам у Эўрапарлямэнце зьявіцца новы дакумэнт у выглядзе дэклярацыі ці рэзалюцыі, і гэтая кампанія будзе працягнута. Але зноў жа, трэба будзе дасягнуць згоды паміж усімі 27 краінамі Эўразьвязу, каб падтрымаць такую ініцыятыву Эўрапарлямэнту”.

Нагадаем, на пачатку году сябры сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс зь Літвы, Генавэфа Грабоўска з Польшчы і Ханэс Свобада з Аўстрыі пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб паменшыць кошт візаў для беларусаў. Для таго, каб дэклярацыя сталася пачаткам дыскусіі ў Эўрапарлямэнце, неабходна было сабраць ня меней за 393 подпісы дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

 

http://www.svaboda.org/content/Article/1106336.html